КРЫВАЛІНЕ́ЙНЫ ІНТЭГРА́Л,
інтэграл, узяты ўздоўж крывой на плоскасці ці ў прасторы. Адрозніваюць К. і. 1-га і 2-га роду, якія зводзяцца да вызначаных інтэгралаў, у некаторых выпадках да двайных (гл. Грына формулы) ці паверхневых інтэгралаў (гл. Стокса формула). Упершыню сустракаюцца ў А.К.Клеро (1743) у агульным выглядзе ўведзены А.Кашы (1825). К. і. ўзнікаюць у задачах адшукання масы крывой пераменнай шчыльнасці (К. і. 1-га роду), работы ў сілавым полі (К. і. 2-га роду) і інш.
т. 8, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)